НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

комплекс археал. помнікаў (стаянкі каменнага веку, селішча і бескурганны могільнік) каля в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. На стаянцы-1 сожскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) выяўлены крамянёвыя скрабкі, разцы, свідэроідны наканечнік стралы, праколка, пласціны-ўкладышы, адшчэпы, нуклеусы, адбойнікі. На стаянцы-2 эпохі неаліту (4—3-е тыс. да н.э.) знойдзены нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрабкі, нажы, фрагменты ямкава-грабеньчатай керамікі. На селішчы (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. і 9—11 ст.) выяўлены розначасовыя гасп. ямы, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду. Бескурганны могільнік належаў плямёнам зарубінецкай культуры (1 ст. да н.э. — 3 ст. н.э., 100 пахаванняў). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ямах, трапляюцца адзінкавыя урнавыя пахаванні. У 4 пахаваннях знойдзены цэлыя гаршкі, у 6 — бронзавыя і жал. рэчы.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)